МАНГЕ́ЙМСКАЯ ШКО́ЛА ў музыцы,
кампазітарскі і выканальніцкі кірунак, які склаўся ў сярэдзіне 18 ст. ў г. Мангейм (Германія). Адна з папярэдніц венскай класічнай школы. Яе творчыя прынцыпы блізкія да ранняга класіцызму, стыль адзначаны ўплывам ракако, барока і сентыменталізму. Адыграла вял. ролю ў развіцці інстр. музыкі. Найб. дасягненні звязаны з дзейнасцю мангеймскай капэлы і яе прадстаўнікоў — чэш. кампазітараў і выканаўцаў Я.Стаміца (кіраўнік), І.К.Канабіха, К.Стаміца, Ф.К.Рыхтэра, А.Фільца і інш. Вобразны строй твораў М.ш. вылучаўся эмацыянальнасцю і патэтыкай, што найб. поўна выявілася ў выканальніцкай манеры музыкантаў капэлы (дынамічныя кантрасты, тонкая нюансіроўка, у інтанацыйнай мове — выразныя меладычныя звароты, т.зв. мангеймскія ўздыхі, і інш.). У музыцы кампазітараў М.ш. склаліся многія прыёмы класічнай аркестроўкі, зацвердзілася класічная 4-часткавая структура сімфоніі і інш. М.ш. зрабіла значны ўплыў на франц. сімф. школу і венскіх класікаў (асабліва В.А.Моцарта).
Літ.:
Конен В.Д. Театр и симфония. 2 изд. М., 1975;
Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Т. 2. 2 изд. М., 1982.
т. 10, с. 65
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)